Вінцук Вячорка ([info]viacorka) wrote,

Генэрал Чаргінец: "Дзяцей і сталых людзей нашай краіны спрабуюць паіць калялітаратурнай атрутай"

Пасьля доўгага перапынку трапіў мне ў рукі асобнік "ЛіМа". Там, аказваецца, ужо па-свойску пачуваецца расейская мова, чаго не магло быць раней. Але мяне цікавіла канкрэтная рэч: даклад М. Чаргінца на зьезьдзе СПБ. У сеціве не знайшоў, давялося сканаваць.
На якой мове гэты чалавек прамаўляў у арыгінале – ня ведаю, хаця некаторыя моўныя асаблівасьці ніжэйпададзенага тэксту падказваюць, што старшыня СПБ, відаць, гаварыў па-расейску.
Прапушчу першы разварот з партрэтам прамоўцы, дзе ўзгадваюцца атрыманыя членамі СПБ расейскія прэміі ці публіцыстычны талент члена СПБ В. Гігіна. Праміну і трэці разварот, дзе ўзываюцца  як "свае" клясыкі, што так і не далучыліся да Чаргінцовага саюзу, але ж яны спачылі й ня могуць адказаць. Тамсама цьвіком б'е ў мазґі неўміручае падсумаваньне дакладу: "Слова, народжанае сілай чалавечага духу і творчай думкі, здольна пераўтварыць свет, а таму яго чысціню трэба берагчы, абараняць. Вось чаму мы адзіныя з народам, Беларуссю і яе Прэзідэнтам!"
А другі разварот – зь пералікам ворагаў народу – падам цалкам. Даклад друкаваўся ў скарочаным варыянце, г. зн. у поўнай вэрсіі ворагаў магло быць і болей. Ворагі народу, чакайце аргвывадаў. Іншыя чытачы – тэрмінова купляйце кнігі й дапаможнікі варожых аўтараў ды выдавецтваў.
Гэта нават не 70-я гады, як я іх памятаю. Гэта нешта ранейшае. Машына часу, Чаргінец за стырном. Хоць і згадвае інтэрнэт.
 
"Літаратура і мастацтва". Газета творчай інтэлігенцыі Беларусі. Заснавальнікі: Міністэрства інфармацыі, ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі", РВУ "Літаратура і мастацтва". № 43. 28 кастрычніка 2011 г.
ІІ з'езд Саюза пісьменнікаў Беларусі
Даклад старшыні СПБ Мікалая Чаргінца
(Заканчэнне. Пачатак на 3-й стар.)
Кажучы пра дзіцячую літаратуру, нельга абысці школу. Наладжваецца супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі. У прыватнасці, з намі сталі ўзгадняць планы выдання кніг серыі "Школьная бібліятэка". Мы ўдзельнічаем таксама ў шэрагу конкурсаў па беларускай мове і літаратуры, якія праводзяцца гэтым міністэрствам.
Нядаўна мы пазнаёміліся з дапаможнікам "Сучасны літаратурны працэс: тэндэнцыі і праблемы развіцця". У анатацыі кнігі, якая выйшла пад грыфам установы адукацыі "Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка", гаворыцца: "Увага звяртаецца на тэмы, уключаныя ў праграмы курсавых і дзяржаўных экзаменаў па гісторыі беларускай літаратуры... Адрасуецца студэнтам-філолагам універсітэта, настаўнікам і старшакласнікам".
Хаця выданне датуецца 2010 годам, пры ўважлівым азнаямленні з яго зместам ствараецца ўражанне, што яно напісана на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі панавала атмасфера агрэсіўнага і татальнага негатывізму, змешвання паняццяў, калі ішла дэманізацыя айчыннай гісторыі. Такое адчуванне, быццам аўтарамі выконваецца наказ былога лідара БНФ 3. Пазняка бязлітасна высякаць тое, што створана пры сацыялізме і ў апошнія дзесяцігоддзі цяперашнімі літаратарамі. Адчуваецца непрытоенае імкненне запісаць у "класікі" амаль усіх літаратараў-эмігрантаў, і тых, каго ўжо няма ў жывых, і тых, хто цяпер падкормліваецца на радыёстанцыі "Свабода".
Не хаваюць аўтары дапаможніка захаплення, калі аналізуюць жанр паэмы на сучасным этапе яе развіцця. Некалькі слоў пра паэму "Ь" (мяккі знак) С. Сокалава-Воюша: "У якасці галоўнага "героя" аўтар выводзіць літару Мяккі Знак і ў сувязі з гэтым уздымае праблему "рэпрэсій" над мовай, — сцвярджаюць аўтары дапаможніка. — Вынікам знакамітай рэформы, паводле паэта, "асуджэнне на скон буржуйскага здрайцу-шпега" Мяккага Знака, стала страта беларускай роднай мовы, а з ёю і пазбаўленне самабытнасці і самаўсведамлення сябе як нацыі. Двухмоўныя (а дакладней — бязмоўныя) сённяшнія беларусы, якім "у гены ўеўся Сталін", асацыіруюцца ў С. Сокалава-Воюша з дзіўнай змяёй: "Людзі-волаты" (нат здаля). А галовы й мазгі пігмеяў, (ўсе яны спакваля / набываюць абрысы змеяў <...> Уцякаю, бягу — куды?) / дзе ні ткніся, паўсюдна "змеі": / Як жахліва сіпяць гарады, / Як пачварна вёскі нямеюць!"
I далей: "Пісьменнік не знаходзіць падстаў для надзеі на рэабілітацыю Мяккага Знака, а значыць, і для духоўнага адраджэння народа". Вось так: няма "мяккага знака", няма і "духоўнага адраджэння народа" і гэтак далей. Так і хочацца сказаць: "Як далёкія яны ад народа"
Усё гэта падобна на сітуацыю ў літаратуры 30-х гадоў, калі вульгарныя крытыкі ўкаранялі ў класікі некаторых дзеячаў ад літаратуры з іх сціплым дзясяткам пасрэдных аповедаў і ўсяляк адцянялі імёны пісьменнікаў, творамі якіх і цяпер ганарыцца наша літаратура.
Мы, вядома ж, робім усё магчымае для ўмацавання пазіцый беларускай мовы. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў шэраг нашых прапаноў, у тым ліку пра назву вуліц населеных пунктаў на беларускай мове. Я не выпадкова спыніўся на гэтым факце. Сапраўдная літаратура — скарб нацыі. I тут важна яшчэ — хто гэты скарб ахоўвае, як ім карыстаецца?
З'яўленне такіх дапаможнікаў выклікае не толькі здзіўленне і самоту, але і наводзіць на думку — а дзе ж наша крытыка? Яна не бачыць, што робіцца? Варта адзначыць: у СПБ выдатныя адносіны з кіраўніцтвам міністэрства адукацыі. Дзякуй  ім за дапамогу і за парады. А вось некаторыя супрацоўнікі сярэдняга звяна і выканаўцы, на жаль…
Аўтары "дапаможніка" сцвярджаюць у даведцы: "Дапаможнік цалкам адпавядае навуковым поглядам аўтарытэтных крытыкаў і літаратуразнаўцаў пра сучасны літаратурны працэс, якія знайшлі адлюстраванне ў акадэмічным чатырохтомніку ў пяці кнігах "Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя". Няўжо гэта так, шаноўныя кандыдаты, дактары, акадэмікі?!
 
Дарэчы будзе ўспомніць, што некалькі гадоў таму Інстытутам літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук па замове Міністэрства інфармацыі быў распрацаваны праект пад назвай "Даследаванне неабходнасці выдання збору твораў і выбраных твораў класікаў беларускай літаратуры і сучасных аўтараў з мэтай распрацоўкі на іх аснове праграмы выпуску сацыяльна значнай літаратуры з улікам запатрабаванняў грамадства, духоўна-этычнай каштоўнасці твораў, з улікам дзяржаўнай ідэалогіі".
Ужо па назве можна меркаваць, што гэта праца павінна была стаць ці не краевугольным каменем усёй літаратурнай палітыкі краіны. Бо падрыхтавана, паводле выразу распрацоўнікаў, "з улікам дзяржаўнай ідэалогіі".
Зразумела, ніхто не стане аспрэчваць неабходнасці далейшага перавыдання твораў Сімяона Полацкага, Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, беларускіх летапісаў і хронік і гэтак далей. Інстытут мовы і літаратуры нямала робіць для шматтомных перавыданняў класікаў нашай літаратуры. Аднак асобныя яго навуковыя супрацоўнікі, знаходзячыся на дзяржаўнай працы, з'яўляючыся членамі Саюза беларускіх пісьменнікаў, актыўна праводзяць палітыку, далёкую ад дзяржаўных інтарэсаў. А Ганна Кісліцына дайшла да таго, што на інтэрнэт-сайце публічна абразіла цэлую групу нашых пісьменнікаў, напісаўшы іх прозвішчы ў двукоссях і з малой літары: "шуглі", "слівы", "гусачэнкі", "касцючэнкі", "курылы", "федасеенкі". Гэту "інтэрнэтвяшчальніцу'* не збянтэжыла нават тое, што Уладзімір Канстанцінавіч Федасеенка ёй у бацькі, калі не ў дзяды, падыходзіць. Ён не толькі вядомы аўтар шматлікіх добрых кніг, але і ветэран вайны, узнагароджаны баявымі ордэнамі.
Можна лёгка зразумець абурэнні нашага старэйшага таварыша, пяру якога належыць нямала выдатных твораў.
Нас не можа не хваляваць стан вывучэння роднай мовы і літаратуры ў школах і гімназіях. Навучэнцам 5 — 10-х класаў не прапаноўваюць напісаць сачыненні на тэмы "Я і мая Радзіма Беларусь", "За што я люблю родную краіну Беларусь", "Што б я зрабіў, калі б стаў Прэзідэнтам?", "Мая сям'я — частка маёй Радзімы" і г.д. Чамусьці ў маладых людзей, вучняў адукацыйных устаноў, гучаць развагі пра "рай" на Захадзе, "дзе можна без экзаменаў паступіць у ВНУ і нават атрымліваць еўра на піва". Ці не таму такія паняцці, як Радзіма, патрыятызм, гонар, адказнасць перад дзяржавай, законам, сям'ёй, любоў да школы амаль перасталі культывавацца сярод нашых дзяцей. А яны ж маюць патрэбу ў духоўнай падтрымцы, ім толькі трэба дапамагчы асэнсаваць сённяшняе жыццё, не засмеціць іх душы брудным палітыканствам. Толькі тады іх сэрцы будуць напоўнены высакароднасцю.
Хлусня ў літаратуры і ў жыцці павінна стаць нашым ворагам. Для гэтага трэба некаторым пісьменнікам перасягнуць праз уласнае "Я", быць самакрытычнымі. I ад гэтага мы станем яшчэ мацней, згуртаваней, будзем ганарыцца поспехам адно аднаго, смела звацца "паплечнікамі".
Нам трэба абараняць нашу родную літаратуру, нашых чытачоў, асабліва дзяцей, ад спроб апаганіць высокае прызначэнне літаратуры, плюнуць у душы людзей. Калі бярэш кнігу выдаўца Логвінава, адразу ж хочацца пашукаць літаратурных крытыкаў, паглядзець ім у вочы.
Мы лічым сваім абавязкам цвёрда рэагаваць на такія выхадкі. СПБ — грамадская арганізацыя, членам якой далёка не абыякава, што дзяцей і сталых людзей нашай краіны спрабуюць паіць калялітаратурнай атрутай.
Відавочна, новаму складу Праўлення, прэзідыума, сакратарыята неабходна праявіць адмысловую ўвагу да работы ўсіх творчых секцый — крытыкі і літаратуразнаўства, паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі. Трэба актывізаваць іх арганізацыйна-творчую працу, каб яна не зводзілася толькі да вылучэння на прэміі, ды і рэкамендацыі па прыёме ў Саюз.
У канцы 2010 — пачатку 2011 гг. у абласных аддзяленнях прайшлі справаздачна-выбарчыя сходы. Была прааналізавана праца за пяць апошніх гадоў. Узнімаліся найбольш вострыя праблемы творчага і арганізацыйнага характару. Вось вытрымка з пратакола справаздачна-выбарчага сходу Гомельскага абласнога аддзялення: "На жаль, цяжка вырашаюцца пытанні з выданнем кніг у "Мастацкай літаратуры", дзе больш як дзесяць гадоў чакаюць выхаду рукапісы кніг Я. Калашнікава, Ю. Фатнева, А. Караленкі і іншых. Затое актыўна выдаюцца тыя, хто працуе ў выдавецтвах. Многія пісьменнікі не могуць атрымаць ганарар за даўно рэалізаваныя кнігі..."
Скажу шчыра, у Саюз пісьменнікаў Беларусі паступілі і паступаюць лісты, заявы з нагоды таго, што занадта ўжо багата друкуюцца ў літаратурных часопісах самі супрацоўнікі выданняў. Гэта, натуральна, абцяжарвае доступ да прэсы іншым літаратарам. Асабліва з перыферыі. I маладым аўтарам. У мінулыя гады штатны супрацоўнік мог надрукавацца не больш як адзін раз. А цяпер у нашым творчым аб'яднанні амаль 600 чалавек. Ці не час суцішыць запал самавыдання? Выдавецтвы, літаратурныя выданні ў нас дзяржаўныя! А не прыватызаваныя!.. І яны павінны служыць усім талентам, а не "шчасліўчыкам" з рэдакцый. Трэба больш увагі надаваць маладым талентам.
I яшчэ пра некаторыя этычныя моманты нашага жыцця…
Літаратурная праца— праца індывідуальная. Яна патрабуе вялікай душэўнай, эмацыянальнай энергіі. Натуральна, кожны шануе яе вынікам – уласнай кнігай. Праўда, гэта "каханне" часам пераходзіць межы прыстойнасці. Яшчэ кніга не атрымала чытацкага прызнання, не заўважыла яе літаратурная крытыка, а ўжо аўтар штурмуе Саюз: "Давайце прэмію!!! Такой кнігі яшчэ не было!.. Яна толькі першага месца варта! Мяне прыгнятаюць па нацыянальным прынцыпе" — і гучна стукае дзвярамі, складвае свае грамадскія паўнамоцтвы.
Але ж не я даю прэміі! Няхай той жа чытач ацэньвае, скажуць слова калегі, прафесіяналы-крытыкі. Эрнэст Хэмінгуэй неяк заўважыў: "Кожны пісьменнік, які страціў пачуццё справядлівасці, павінен кінуць пісаць".
Верыцца, што падобную практыку "самавылучэння" мы ўсё ж выкаранім. Таму што ёсць такія паняцці, як "душа" і "сумленне", ні за якія грошы, ніякім "блатам" іх не набудзеш.
Вялікія, нават велізарныя магчымасці ёсць у нашых крытыкаў. Мы ставім перад сабой задачу стварыць такі інстытут літаратурнай крытыкі, які акажа наймагутнейшы ўплыў на далейшае развіццё літаратуры ў краіне. Нам патрэбна не хамская, не абразлівая, не зневажальная крытыка, а справядлівая, накіраваная на творчасць, якая дазваляе пісьменніку ўбачыць недахопы ў яго творы і падахвочвае яго да ўдасканалення.
 
Саюз пісьменнікаў Беларусі значную ўвагу надае працы з маладымі талентамі. На жаль, сярэдні ўзрост усёй арганізацыі складае больш як 50 гадоў. Гэта тлумачыцца тым, што многія дасведчаныя пісьменнікі перайшлі да нас з Саюза беларускіх пісьменнікаў. Трэба актыўней выкарыстоўваць літаратурныя веды і таленты ў рабоце з маладымі аўтарамі. Гэтае пытанне неаднаразова разглядалася на пасяджэннях прэзідыума. Ёсць станоўчыя вынікі. Так, Мінскае гарадское аддзяленне ў 2009 годзе арганізавала агульнагарадскі літаратурны конкурс, у якім узялі ўдзел 208 юных літаратараў. Летась правяло Міжнародны літаратурны конкурс сярод старшакласнікаў, прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі. У ім узялі ўдзел юныя літаратары не толькі сталіцы, але і ўсёй Беларусі, а таксама Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны — усяго 795 творцаў. Адзначаны ўзнагародамі 64 канкурсанты.
Значную працу з маладымі пісьменнікамі праводзіць Гомельскае аддзяленне, дзе дзейнічае школа юнага літаратара, якой кіруе дасведчаная паэтэса Ніна Шклярава. Выйшла з друку газета "Літаратурныя абсягі" — своеасаблівы веснік аддзялення. Ініцыяваны выпуск літаратурных старонак у мясцовых перыядычных выданнях. Ажыццёўлены першы, справаздачны, выпуск калектыўнага зборніка "Натхненне. Вдохновенне".
Нядаўна на прэзідыуме мы зацвсрдзілі дзесяць гадавых стыпендый маладым літаратарам для ажыццяўлення іх найбольш цікавых літаратурных праектаў. Аднак, пры ўсім гэтым, праца з моладдзю патрабуе якасна новага падыходу. Пакуль недастаткова ўвагі да іх з боку выдавецтваў. Недапушчальна, каб паэт ці празаік здаў рукапіс ва ўзросце да 30 гадоў, а кнігу атрымаў да 60-гадовага юбілею. Нашы літаратурныя часопісы, асабліва "Маладосць", павінны смялей ісці на рызыку і часцей публікаваць маладых, хай нават невядомых, аўтараў. Калі жадаеце, літчасопісы абавязаны стаць стартавымі пляцоўкамі для маладых, вышукваць сярод іх таленты. Неабходна актыўней супрацоўнічаць з мясцовымі органамі ўлады, э Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.
I яшчэ адна сур'ёзная праблема. Вельмі мала нашых пісьменнікаў працуе ў Інтэрнеце, большасць не мае сваіх сайтаў. Хаця персанальны сайт — гэта каласальная магчымасць выказаць сваё меркаванне па тым ці іншым пытанні, пазнаёміць чытача са сваім творам, выступіць з крытычнай нататкай, паспрачацца з апанентам. Я думаю, будзе правільна, калі ў будучым годзе абвесцім конкурс на лепшы, найбольш актыўны ўдзел у Інтэрнэце з добрай прэміяй і прызам.


Create an Account
Forgot your login or password?
Facebook Twitter More login options
English • Español • Deutsch • Русский…