Галіна Сямдзянава закончыла Куйбышаўскі політэхнічны інстытут, працавала ў абароннай прамысловасьці на інжынэрскіх пасадах. Але сумавала па Беларусі, зь якой былі зьвязаныя найлепшыя ўспаміны дзяцінства.
Вярнуўшыся ў Беларусь, Галіна Сямдзянава пачала працу ў Камітэце народнага кантролю, узначальвала Наваградзкі раённы КНК.
Яе сумленнасьць, чуласьць да людзей забясьпечылі ёй вялікі аўтарытэт, і ў 1990 г. Галіна Сямдзянава была выбраная народным дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларускай ССР ад Наваградзкай выбарчай акругі № 262.
У Вярхоўным Савеце Галіна Сямдзянава стала адным з найбольш прафэсійных і запатрабаваных дэпутатаў. Яна зрабіла свой ідэйны выбар: увайшла ў Дэпутацкую групу БНФ у Вярхоўным Савеце, была старшынёй яе Рэвізійнай камісіі. Працавала ў Камісіях Вярхоўнага Савету па экалёгіі і рацыянальным выкарыстаньні прыродных рэсурсаў; па таварах народнага спажываньня, гандлі і паслугах насельніцтву; у Часовай камісіі Вярхоўнага Савету па прывілеях.
Галіна Сямдзянава – адна з тых, хто дамогся абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе. Неацэнныя заслугі Галіны Сямдзянавай у стварэньні заканадаўчай базы незалежнасьці нашай краіны. Яна суаўтар Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР да рынкавай эканомікі (восень 1990). Удзельнічала ў распрацоўцы і прыняцьці дзясяткаў заканадаўчых актаў, у тым ліку Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусі, законаў для спэцыяльнай сэсіі Вярхоўнага Савету 24-25 жніўня 1991 г., калі была абвешчаная незалежнасьць.
Яна была аўтарам заканадаўчых прапановаў, накіраваных на стварэньне арміі Рэспублікі Беларусі. Старшынявала ў Беларускай асацыяцыі вайскоўцаў "Вяртаньне", якая пасьля распаду Савецкага Саюзу дапамагла вярнуцца ў Беларусь больш як чатыром тысячам вайскоўцаў, у тым ліку з зонаў узброеных канфліктаў.
У 1996-1997 гг. уваходзіла ў Сакратарыят Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які працягваў працу пасьля гвалтоўнага разгону 1996 г.
У Партыі БНФ Галіна Сямдзянава была адным з найбольш аўтарытэтных лідэраў і экспэртаў. Займала пасады намесьніцы старшыні (2002-2006 гг.), старшыні Юрыдычнай камісіі, старшыні Рэвізійнай камісіі (да 2010 г.).
У 2008 г. была накіраваная ад БНФ у Цэнтральную камісію па выбарах і рэспубліканскіх рэфэрэндумах, у 2010 г. у Менскую гарадзкую камісію па выбарах прэзыдэнта. Прынцыпова адстойвала законнасьць, прафэсійна выкрывала фальсыфікацыі, адважна заяўляла асобную думку. За гэта ня раз цярпела перасьлед і спробы запалохваньня ад уладаў. Але зь ёй былі вымушаныя лічыцца нават зацятыя апанэнты.
Ад нас адышоў выдатны чалавек, гістарычная постаць. Мы жывем у незалежнай краіне і дзякуючы Галіне Сямдзянавай. Сьветлая памяць.
--
Інфармацыя пра месца і час пахаваньня Галіны Сямдзянавай будзе пазьней.